Свята вёскі «Мая зямля – цудоўная старонка» прайшло ў аграгарадку Усход. ФОТА

У нядзелю жыхары аграгарадка Усход высыпалі на вуліцу – спраўлялі свята вескі «Мая зямля – цудоўная старонка».

На імправізаванай сцэне вакальны ансамбль «Зараніца» прыцягваў увагу ўсіх песняй «Калі рана ўстанеш».

«Ад магілеўскіх вялікіх прастораў мы прывітанне сёння ўсім нясем!» – заклікалі на свята вядучыя. Завіталі на такое цудоўнае мерапрыемства і госці: старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Ярошчанка, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Заблоцкі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Шамшура. Тут і мясцовая ўлада – старшыня Вяйнянскага сельсавета Святлана Сцішанкова. Сардэчна павіншаваў ўсіх прысутных са святам старшыня райсавета дэпутатаў, адзначаючы, што ў раёне шмат цудоўных аграгарадкоў з развітой інфраструктурай. Адзін з іх – Усход, дзе ёсць усё для камфортнага пражывання людзей, выхавання і развіцця дзяцей.

Разам з тым Сяргей Ярошчанка напомніў, што агульны дабрабыт і парадак залежаць ад кожнага жыхара, пажадаўшы, каб Усход заўседы быў адметны квітнеючымі палісаднікамі і шчаслівымі людзьмі.

Цікавы расказ вядучых пра вёску, найдаражэйшую сэрцу, перамежваўся з нумарамі мастацкай самадзейнасці.

Вялікае багацце краіны, а разам з тым і кожнага населенага пункта, – людзі. Сваімі працаўнікамі розных прафесій славіцца і Усход, іх ушанавалі з уручэннем памятных падарункаў.

Што б ні рабілася ў свеце – усё гэта ў імя жыцця, якое даруе маці. Нездарма гаворыцца ў народнай мудрасці: «Калі хочаш пражыць у якім-небудзь месцы адзін год – пасей проса, калі будзеш выбіраць сабе месца на дзясяткі год – пасадзі дрэва. Калі ж хочаш жыць тут заўседы – выхавай дзіця».

У вёсцы ганарацца матулямі, якія нарадзілі і выхоўваюць трох, а то і болей дзяцей.

У сям’і Вікторыі Францаўны і Яўгенія Аляксандравіча Прэснаковых гадуюцца пяцёра дзяцей. Самай маленькай Кацярыне – два годзіка, старэйшы сын Аляксандр вучыцца ў агралесатэхнічным каледжы ім. К. П. Арлоўскага. Аляксей і Арцём – вучні Вяйнянскай сярэдняй школы, а Канстанцін ходзіць у дзіцячы садок. Дзецям бацькі надзяляюць шмат увагі, робяць усё магчымае для іх развіцця.

Радаснай падзеяй для сям’і і ўсёй вёскі стала ўручэнне Вікторыі Прэснаковай ордэна Маці. Віншуючы з высокай узнагародай, Сяргей Ярошчанка пажадаў мнагадзетнай маці і ўсім членам сям’і моцнага здароўя, дабрабыту і каб на працягу жыцця спраўджваліся ўсе іх самыя найлепшыя імкненні.

У час свята былі ўшанаваны многія вяскоўцы, якія самааддана працуюць на роднай зямлі, ведаюць цану хлеба і даражаць тым, што маюць.

Воін-афганец Мікалай Пінчук пазнаў ліхалецце, будучы на чужбіне, і вельмі яскрава расказаў аб шчымлівым пачуцці суму па родных мясцінах. Не было большай радасці для яго, як вярнуцца жывым у сваю вёску.

Выступаючы перад аднавяскоўцамі, Мікалай Яўгенавіч наказаў любіць родную зямлю, рабіць усё магчымае, каб яна квітнела, і берагчы мір у самай лепшай краіне Беларусі.

Старэйшая жыхарка вёскі Надзея Андрэеўна Банькова як ніхто ведае цану мірнага жыцця, прайшоўшы праз гады ваеннай акупацыі, зведаўшы голад, бачыўшы смерць.

Аднавяскоўцаў яна заклікала любіць родную Беларусь, цаніць мірнае жыццё і радавацца кожнаму новаму дню.

Надзея Андрэеўна 22 гады працавала паштальёнам, выгадавала з мужам трох дзяцей. Усім пажадала плённай працы на карысць Радзіме і найлепшай будучыні роднай вёсцы.

Падзячныя словы ад кіраўнікоў і вядучых мерапрыемства прагучалі ў адрас усіх ветэранаў, якія прыклалі шмат сіл для развіцця гаспадаркі і дабрабыту вёскі.

«Услаўляю цябе, край любімы,
Маладосць тваю, ласку, красу.
На прасторах шырокай Радзімы
Ёй у песнях любоў я нясу…»

Доўга яшчэ гучалі песні ў аграгарадку.

Са святам, вёска! Хай у шчасці жывуць твае жыхары!

Святлана Дзядушка
Фота: Юлія Марковіч

Добавить комментарий