Урокі мужнасці на роднай зямлі

дети, книгаГісторыя старажытнай дашкаўскай зямлі — выдатная і невычэрпная крыніца патрыятычнага выхавання. I, абапіраючыся менавіта на мясцовы матэрыял, настаўнікі Дашкаўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы праводзяць работу ў гэтым накірунку сярод сваіх вучняў.
На старонках раённай газеты мы ўжо неаднаразова расказвалі аб дзейнасці Дашкаўскага школьнага музея, аб краязнаўчых здабытках педагогаў і іх выхаванцаў. Настаўнікі і вучні склалі таксама летапіс роднай школы. Гэта праца была прадстаўлена на рэспубліканскі конкурс, дзе заняла ІІІ месца. Як расказалі самі школьныя аматары гісторыі, яны працягваюць сваю актыўную дзейнасць, займаюцца зборам інфармацыі пра мінулае вёскі Дашкаўка: запісваюць успаміны карэнных жыхароў, ветэранаў вайны і працы.
Адна са старонак гісторыі роднай вёскі звязана з гераічнымі і трагічнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Школьнікі ведаюць, што ў жорсткіх баях за вызваленне в.Дашкаўка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў двое ваеннаслужачых удастоены звання Героя Савецкага Саюза. На вясковых могілках пахаваны 36 савецкіх воінаў, якія загінулі, вызваляючы гэты стратэгічна важны населены пункт, сярод іх — Герой Савецкага Саюза Ш.Шаімаў.пионеры, памятник
У дашкаўскім парку ўстаноўлены абеліск у гонар аднавяскоўцаў, якія загінулі на франтах. А да будынка школы ў 2010 годзе быў перанесены мемарыяльны знак з прозвішчамі мірных жыхароў, расстраляных фашыстамі. Усе гэтыя памятныя месцы педагогі і школьнікі пастаянна наведваюць, даглядаюць іх, ускладаюць сюды кветкі і вянкі. Каля помнікаў праводзяцца выхаваўчыя гадзіны, мітынгі, урачыстыя прыёмы дзяцей і падлеткаў у рады грамадскіх арганізацый «БРПА» і «БРСМ».
Як расказаў дырэктар школы С.Я.Лугавы, выхаваўча-патрыятычная работа не спыняецца нават летам. Актывісты «БРПА» і «БРСМ» прынялі ўдзел у раённым этапе абласнога конкурсу «Пісьмо памяці», прысвечаным 70-годдзю абароны г.Магілёва.
Дзеці, якія адпачываюць у школьным лагеры, пабывалі на экскурсіі на Буйніцкім полі і каля помніка спаленым жыхарам вёскі Туманаўка. Ужо ў самім лагеры прайшоў урок памяці «Яны змагаліся за Радзіму», у час якога ўзгадвалася гісторыя Вялікай Айчыннай вайны.
3 нагоды 70-годдзя з пачатку вайны, а таксама ў гонар значнай даты — 67-ай гадавіны з дня вызвалення Магілёўскага раёна і ўсёй Беларусі — у Дашкаўскай школе праходзіць Вахта Памяці. Дзеці на прыкладах мужнасці і гераізму старэйшага пакалення вучацца патрыятызму, адданасці сваёй вёсцы, блізкім людзям – усяму таму, што і называецца Радзімай.

Тэкст і фота Наталлі ЧАБАН.

Добавить комментарий