Лідэры на хлебнай ніве

Няма прыгажэй пары, чым тая, калі ідзе ўборка ўраджаю. Хлеб – веліч краіны, яе багацце, дабрабыт людзей. Таму і шчыруюць хлебаробы дзень і ноч, каб убраць зерне якасна ў самыя сціслыя тэрміны.

На жаль, не ўсё залежыць ад чалавека, і сёлета надвор’е ўнесла свае карэктывы, праліўнымі дажджамі і буранамі пагоршыўшы ўмовы ўборкі. Ды толькі не спыніла гэта нашых доблесных герояў жніва. Беручы за прыклад пачын неаднаразовага пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва камбайнера У.В.Корсака (ЗАТ АК “Зара”), які і сёлета разам з памочнікам Р.С.Багачовым першы ў краіне намалаціў тысячу тон зерня, гэты рубеж пачалі пераадольваць і экіпажы камбайнераў іншых гаспадарак раёна.

У суботу, 6 чэрвеня, старшыня Магілёўскага райвыканкама Дз.Дз.Гобараў асабіста выехаў у СДП “Авангард”, каб павіншаваць адразу трох камбайнераў: М.А.Багданава, Дз.Дз.Конанава, М.М.Вандзілоўскага, якія намалацілі звыш тысячы тон збожжа кожны, а таксама вадзіцеля У.В.Віхарава, што перавёз тысячу тон зерня.

Уручаючы Падзячныя лісты, кіраўнік раёна выказаў шчырую ўдзячнаць хлебаробам за самаадданую працу, пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях і, вядома ж, яшчэ большых дасягненняў з мэтаю патрапіць на рэспубліканскія “Дажынкі”.
Дз.Дз.Гобараў нагадаў задачу, пастаўленую Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь: завяршыць уборачную кампанію на бліжэйшым тыдні. Што датычыць Магілёўскага раёна, то, як было заўважана, ён упэўнена лідыруе, уносячы важкі ўклад у скарбонку краіны.

Сімвалічна лідэрам жніва начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Л.В.Алекса ўручыла вымпелы з дзяржаўнай сімволікай. Перадавікі таксама атрымалі падарункі ад раённых грамадскіх арганізацый “Белая Русь” і “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”, якія ўручылі старшыні гэтых арганізацый П.І.Алтынаў і Т.М.Пятрова адпаведна.

Хлебаробы з добрым настроем рушылі ў поле, а старшыня райвыканкама Дз.Дз.Гобараў, кіраўнік СДП “Авангард” Л.І.Капцоў і старшыня Княжыцкага сельвыканкама В.А.Палтаран абмеркавалі некаторыя актуальныя пытанні.
У той жа дзень значная падзея адбылася ў ЗАТ АК “Зара”. Экіпаж у складзе У.В.Корсака і Р.С.Багачова першы ў вобласці намалаціў 2 тысячы тон збожжа.

Размаўляючы з намеснікам генеральнага дырэктара гаспадаркі па раслінаводству А.М.Івашкевічам, мы даведаліся, што сёлетняе жніво для агракамбіната нялёгкае з-за асаблівасцяў глебы, якая доўгі час утрымлівае вільгаць. Праліўныя дажджы і высокая тэмпература паветра ніяк не садзейнічалі аграрыям. Тым не менш, высокая арганізацыя працы, прафесіяналізм і самаадданасць хлебаробаў дазваляюць трымаць лідыруючыя пазіцыі. І сёлета ЗАТ АК “Зара” трывала займае першы радок у раённых зводках, маючы ўраджайнасць 70 цэнтнераў з гектара. Што датычыць экіпажа У.В.Корсака, які сваімі працоўнымі дасягненнямі вядомы на ўсю краіну, то штодзень ён намалочвае больш за 200 тон зерня.

З чарговай перамогай экіпаж павіншаваў старшыня Магілёўскага аблвыканкама П.М.Руднік, пажадаўшы трымаць лідэрства і ў хуткім часе дасягнуць трох- і чатырохтысячных намалотаў. Заўважыўшы, што ў У.В.Корсака новы памочнік, губернатар выказаў спадзяванне, што і ён будзе старанна працаваць, каб у будучым стаць добрым камбайнерам.

Губернатар уручыў лідэрам жніва Ганаровыя граматы Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама, дыпломы за самаадданую працу, кепкі і майкі з сімволікай. Жонкам камбайнераў, якія забяспечваюць надзейны тыл, П.М.Руднік перадаў харчовыя пакеты ААТ “Бабушкина крынка” з пажаданнямі сямейнага шчасця і дабрабыту.

Старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Г.Ф.Шпакоўскі ўручыў камбайнеру і яго памочніку Падзячныя лісты. Разам з тым У.В.Корсак атрымаў у падарунак мікрахвалявую печку, а Р.С.Багачоў — чайны сервіз.

Уборачны экіпаж, выкарыстоўваючы кож-ную хвіліну, адразу ж прадоўжыў работу. А старшыня аблвыканкама, будучы ў добрым настроі, паведаміў прэсе, што Магілёўская вобласць зрушылася з апошняга месца ў рэспубліканскай зводцы, абагнаўшы Гомельскую, і зараз хлебаробы накіраваны на выкананне пастаўленых Прэзідэнтам краіны задач па своечасовай і якаснай уборцы ўраджаю, выкананню дзяржзаказу.

Святлана ДЗЯДУШКА.
Фота Алены САВІЦКАЙ.

Добавить комментарий