Ох, снег, сняжок — белая мяцеліца…

Снег… бялюткі, пушысты — усімі колерамі вясёлкі пераліваецца на сонцы, радуе вочы і падымае настрой. Гэта — у аўторак. А раніцай у панядзелак людзі, з поўнымі ботамі снегу, ледзь пераадольваючы гурбы, пракліналі завіруху, якая мяла дзень і ноч у выхадныя.

Аўтобусы і маршрутныя таксі збіліся з графіку, тралейбусы стаялі, гурты грамадзян мёрзлі на маршрутных прыпынках — такія малюнкі можна было назіраць у горадзе. З цягам часу працаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый выйшлі з шуфлямі ў дапамогу транспарту чысціць снег. Надз-вычайная сітуацыя аб’яднала ўсіх.

У той дзень і ў нашым раёне ўсе сілы былі кінуты на расчыстку населеных пунктаў ад снегу. У райвыканкаме быў створаны штаб, куды рэгулярна паступала інфармацыя, кіраўніцтва трымала на кантролі сітуацыю ў кожнай вёсцы.

На ўборцы снегу было задзейнічана 16 адзінак тэхнікі ДРБУ №128, 7 — жылкамгаса і ў дадатак – транспарт з гаспадарак.

У першую чаргу вялася расчыстка і падсыпка асноўных дарог стратэгічных накірункаў і тых, якія вялі да сацыяльна важных аб’ектаў, дзве брыгады працавалі на вызваленні ад снегу прыпынкаў маршрутнага транспарту.

Прыхінуліся да агульнай справы ўсе – гэта было відавочна, калі мы аб’язджалі населеныя пункты: настаўнікі скідвалі снег са стрэх школ, культработнікі ўбіралі яго не толькі каля сваіх устаноў,

Р.А.Шаўцова, в.Мікалаеўка-2, любіць, каб усюды быў парадак.

але і побач з хатамі немачных людзей. Ды і многія пенсіянеры самі прабівалі хады на вуліцу, жартуючы, што памахаць лапатай на свежым паветры — толькі на карысць. Прыемна было размаўляць з гэтымі працавітымі і прыгожымі людзьмі, для якіх выпаўшы снег не стаў трагедыяй, бо яны ў сваім жыцці пераадольвалі не такія цяжкасці, дзякуючы сваім працавітым рукам.

C.Я.Пухлякоў, жыхар а/г Масток, зараз знаходзіцца ў адпачынку, прыйшоў дапамагчы ўбраць снег каля аддзялення паштовай сувязі, дзе працуе жонка.

Разам з тым вельмі сорамна было глядзець вечарам у панядзелак сюжэт тэлебачання аб тым, як “дрэнна чысцяць снег ў аграгарадку Дашкаўка”. У той час, як асноўная дарога была расчышчана, пенсіянер скардзіўся, што не ўбраны снег да яго дома (а гэта, як пазней высветлілася са слоў старшыні сельвыканкама В.А.Бабіча, – крыху больш 70-ці метраў). Ну ды няхай пажылы чалавек, — мо яму і патрэбна

В.У.Ткачоў, жыхар в.Мікалаеўка-2, чысціць сцежку на сваёй вуліцы Вясёлая.

дапамога ў чымсьці. Але вось калі дэпутат сельвыканкама выйшла, як на паказ, у прыгожым паліто ды з прычоскай, і пачала гаварыць пра тое, што да дома пенсіянера не расчышчана дарога, то, безумоўна, у многіх гледачоў быў шок. Бо каму, як ні выбранніцы народа, у гэтай надзвычайнай сітуацыі ўзяць лапату ў рукі, арганізаваць некалькі чалавек ды дапамагчы пенсіянеру?..

Праўду кажучы, вельмі непрыемна ўсё гэта…

Святлана ДЗЯДУШКА.
Фота Алены САВІЦКАЙ.

Добавить комментарий