КАБ ГУЧАЛА МОВА БЕЛАРУСКАЯ

Далучэнне дашкольнікаў да нацыянальнай культуры, да роднай мовы — адзін з галоўных накірункаў выхаваўча-педагагічнай дзейнасці ДУА «Яслі-сад №2 аграгарадка Буйнічы». Хутка прыйдзе час, і сённяшнія дашкольнікі будуць вызначаць будучыню роднай Беларусі. Таму ўжо сёння педагогі нашага садка звяртаюць увагу на выхаванне ў іх пачуцця патрыятызму, актыўнай жыццёвай пазіцыі, усведамлення, уласнай адказнасці за лёс Радзімы.

Знаёмства выхаванцаў з нацыянальнай спадчынай часцей адбываецца на занятках. Адзін раз у тыдзень уся адукацыйная дзейнасць у садку ажыццяўляецца толькі на беларускай мове.

У нашым яслях-садзе прайшла панарама перадавога педагагічнага вопыту, дзе выхавацелі прадставілі цікавыя, разнастайныя формы работы з дзецьмі па далучэнню іх да культуры беларускага народа. Гэта было сапраўднае падарожжа маленькіх беларусаў па роднай краіне.

Найбольшую цікавасць выклікаў у дзяцей непасрэдны ўдзел у творчай дзейнасці. 3 задавальненнем прайшла тэатральна-музычная пастаноўка «Вячоркі», ролі ў якой выконвалі самі дзеці і выхавацелі. Напярэдадні свята музычная зала пераўтварылася ў сапраўдную беларускую гасцёўню, дзе размясціліся старажытныя прадметы побыту сялян, саматканыя посцілкі, ручнікі і вышыўкі, абрусы, іншыя вырабы народна-прыкладнога мастацтва. Выхавацелі і дзеці прадсталі ў вобразе беларускіх нацыянальных герояў, данеслі да ўвагі гледачоў шмат цікавай, пазнавальнай інфармацыі аб жыцці продкаў. У час свята гучалі беларускія народныя песні, выконваліся танцы… Добра падняў настрой пачастунак ад бабулі Ганны, якая прыгатавала для ўсіх гасцей смачныя пірагі.

В.АЛапачэнка, 
намеснік загадчыка ДУА «Яслі-сад №2 аг.Буйнічы».

Добавить комментарий