Слаўныя сыны зямлі беларускай

Не шкадуй для радзімы 
Ні турбот, ні крыві,
Пройдуць леты і зімы,
А ты — вечна жывы.
М.Лужанін.

Год кнігі адметны тым, што сёлета адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння знакамітых песняроў беларускага народа,народных паэтаў Беларусі ЯнкІ Купалы і Якуба Коласа. Менавіта гэтаму юбілею быў прысвечаны фестываль беларускай песні і паэзіі «Слаўныя сыны зямлі беларускай», які прайшоў у нашай школе і быў арганізаваны сумесна з Раманавіцкай дзіцячай школай мастацтваў.

Урачыстасць пачатку мерапрыемства надала песня «Мой родны кут» у выкананні дырэктара Раманавіцкай дзіцячай школы мастацтваў В.М.Антропавай і выступленне танцавальнага калектыву пад кіраўніцтвам А.Р.Халіманчук.

Беларускія песняры — сапраўдныя летапісцы жыцця, выразнікі думак і спадзяванняў народа. Без іх вершаў, апавяданняў, драм немагчыма ўявіць беларускую літаратуру. Янка Купала і Якуб Колас — носьбіты высокіх ідэй гуманізму, дабра і справядлівасці, наш гонар, наша гісторыя.

Купалу і Коласа аб’ядноўвае сяброўства, тэматыка паэзіі. Майстры слова пісалі для народа і пра народ. Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Купала) шчыра прызнаваўся ў сваіх кнігах: «Усё для сваёй Бацькаўшчыны — Беларусі».

Канстанцін МіхайлавІч Міцкевіч (Колас) — адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, заснавальнік рэалістычнай прозы. Колас быў назіральным і мудрым чалавекам, яго нават называюць «даследчыкам чалавечай душы». Пра ўсё гэта гаварылі мы, вядучыя свята.

Шматграннасць таленту класікаў яскрава адчувалася, калі вучні чыталі вершы, урыўкі з паэм паэтаў. Гэта ж падцвердзіла і мультымедыйная прэзентацыя «Жыццёвымі сцяжынкамі Коласа і Купалы», якую падрыхтавалі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Т.М.Голахава і Г.А.Казлова.

Вельмі артыстычна інсцэніравалі вучні тэатральнага класу ДШМ (настаўнік Н.А.Ляшонак) байку Я.Коласа «Мужык і клёпкі».

На працягу ўсяго фестывалю гучалі песні на вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Кнігі волатаў беларускай літаратуры ніколі не стануць старамоднымі, бо ў іх — само жыццё. Вершы Купалы і Коласа чыталі нашы бацькі, чытаем мы, будуць чытаць нашы дзеці і ўнукі. Вечныя тэмы роднай зямлі, патрыятызму, кахання заўсёды будуць хваляваць людзей.

Упэўнены, што пасля мерапрыемства многім захацелася яшчэ раз перагарнуць старонкі зборнікаў беларускіх паэтаў.

А.Пугачова,
вучаніца 8 класа,
В.Трэццякова,
вучаніца 10 класа ДУА «Раманавіцкая сярэдняя школа Магілёўскага раёна».

Добавить комментарий