Нам пішуць нашы чытачы…

ДОБРЫ ДЗЕНЬ,
ШАНОЎНАЯ РЭДАКЦЫЯ!

Дасылаю свой абразок. Думаю, ён будзе актуальным у 2013 годзе – у год беражлівасці, бо менавіта ад гаспадарлівых, эканомных гаспадароў і залежыць наш заўтрашні шчаслівы дзень.
Стагоддзі крочылі па сцяжынках, дарогах, шляхах самай сонечнай у свеце Беларусі Гаспадар ды Гаспадыня. Яны крочылі па роднай зямлі, а над імі ў нябёсах лунаў сам Гасподзь. А госці, заходзячы ў хату, заўсёды віталіся прыгожа і з павагай:
— Добры дзень, пане-гаспадару!
А вось сям’я збiраецца на вячэру. Гаспадар пытаецца:
— Што вячэраць будзем?
— Што Бог паслаў, — паважліва адказвае гаспадыня.
І кожны вечар гаспадары заканчвалі прачулымі словамi: «Дзякуй Богу, Iсусу Хрысту, Насвятейшай Мацi за вячэру».
Канешне, гаспадар – гэта перш за ўсё ўласнік ці нават у наш камерцыйны век – прыватны наймальнік. Але традыцыйны айчынны гаспадар – гэта найперш уладальнік сялянскага двара, надзелу. Ва ўсё часы на Бацькаўшчыне высока цаніліся найперш дбайныя гаспадары, якія надзвычай спраўна займаліся гаспадарчымі справамі. Спрадвек на Беларусі шанавалі руплівых гаспадароў, якія ўмелі працаваць, адчуваць сябе добрымі людзьмі.
Беларускі гаспадар – гэта, найперш, галава сям’і, дома. Надзвычай мы паважаем тых, хто з’яўляецца таксама гаспадаром і свайго слова. Нашы продкі таксама цанілі такую рысу, як гаспадарлівасць.
Хто ж такі гаспадарлівы чалавек? Гэта эканомны, руплівы, дзелавы, клапатлівы ў вядзенні гаспадаркі. Традыцыйны гаспадар – гэта араты, гэта сейбіт, гэта хлебароб… Сваю зямлю сапраўдны гаспадар заўсёды аглядае гаспадарлівым вокам. У розныя перыяды нацыянальнай гісторыі наша Айчына ведала файных гаспадарнікаў, сярод якіх ёсць цэлыя дынастыі.
Сапраўдным гаспадаром з’яўляецца менавіта той, хто здольны паставіць сваю гаспадарку на цвёрдыя ногі. Як тут не ўспомніць гаспадара Міхала з бессмяротнай энцыклапедыі народнага жыцця – паэмы “Новая зямля” Якуба Коласа:
За гаспадарку ненарокам
Міхал на новым месцы ўзяўся:
Каня, кароўку расстараўся,
Завёў свіней, дзве-тры авечкі…
Менавіта жніво, добры ўраджай заўсёды былі сапраўдным святам, самай важнай падзеяй для гаспадара. І я лічу, што зусім не выпадкова гаспадары Бацькаўшчыны, пытаючыся даўней адно ў аднаго пра жыццё, цікавіліся найпер, як урадзіла жыта. Зразумела: ёсць хлеб, жыта – будзе і жыццё. Назоўнікі “жыта” і “жыццё” – аднакарэнныя.
Раней нашы продкі дом свой і называлі – гаспода. У паэме Якуба Коласа знаходзім такія радкі:
Міхал злез з воза, кінуў вокам,
У двор шыбуе мерным крокам,
Ідзе, гасподу разглядае…
Нашы продкі верылі ў існаванне і гаспадара самой хаты – дамавіка. Часцей за ўсё дамавік успрымаўся як ашчадны, клапатлівы гаспадар, які ва ўсім дапамагае працаздольнай і дружнай сям’і. Пры пераездзе ў новую хату дамавіка запрашалі з сабой: “Дамавік, дамавік, не заставайся тут, а ідзі з нашай сям’ёй”.
Цікава, што на святы гаспадарам дамавіку неабходна выказаць свае адносіны. Падараваць яму гасцінцы — келіх віна, лустачку хлеба, кавалачак сала… Гэтую ежу пакідалі на стале на нач, каб дамавік пачаставаўся. Верылі, што апоўначы дамавік абавязкова выйдзе са свайго патаемнага месца і прыме ежу. І тады раніцай можна будзе заўважыць сляды яго прысутнасці і адчуць, як змяніўся ў лепшы бок сам сямейны лад.
Пакідаючы пачастунак дамавіку, абавязкова прыгаворвалі: “Гаспадар-бацюхна, захавай маю хацінку і маю скацінку”; “Гаспадарушка, бацюхна, хлеб-соль прымі, скацінку вадзі”; “Дамавік наш, дзядуля, усіх паі, кармі каровак, авечак, наладжвай лад, глядзі гладка і сцялі мякка”. Дамавік, які жыў у згодзе з гаспадарамі, абавязкова папярэджваў аб надыходзячай бядзе ці нястачы. Той, хто пачуе гэтыя перасцярогі, здолее перамагчы непрыемныя падзеі…
З пакалення ў пакаленне перадаваліся пэўныя забароны ў адносінах да дамавіка: заходзячы ў хлеў, моцна не размаўлялі, каб лішні раз не “турбаваць” дамавіка; калі прыносілі ў хату дровы, не кідалі іх долу з грукатам; жанчыны не павінны былі хадзіць па хаце з распушчанымі і не пакрытымі хусткай валасамі. Калі ж гаспадыня забывала пакінуць дамавіку прысмакі, той мог пакрыўдзіцца і перастаць дапамагаць гаспадарам — і тады ўсё ідзе наперакос: знікае жаданне працаваць, разладжваецца гаспадарка, пачынаюць панаваць хваробы ды нястачы. І тых, хто дрэнна вёў гаспадарку, не клапаціўся пра чысціню і парадак, ленаваўся, дамавік пужаў, ім шкодзіў…
Побач з гаспадаром заўсёды была гаспадыня. І жыта жалі звычайна гаспадыні – і не толькі сталыя жанчыны, але і маладыя, і дзяўчаты, якія імкнуліся хутчэй навучыцца гэта рабіць. І калі гаспадар быў галавой і рукамі сям’і, то яго жонка — вачыма і сэрцам.
— 3 тваіх рук, жонка, мне і халоднае смачнае, — нярэдка адказваў задаволены сваёй паловай гаспадар. Заўважу, дзякуючы менавіта такой сямейнай мудрагелістасці і гаспадыня задаволена, і муж таксама.
А вось як прачула, нібы з касмічнай вышыні нябёсаў піша паэт Рыгор Барадулін ў вершы “Гаспадыня”:
Я прашуся ў парабкі да Вас,
Гаспадыня зорнага палаца.
Клапаціцца, каб агонь не згас, —
Незямная і зямная праца.
Ваш палац, ён з мрой маіх аб Вас,
I агонь — пасаг ад бліскавіцы,
Блаславіла Мілавіца час,
Каб палацу шчасцем засяліцца.
Сподзеў любіць грэцца ля агню,
Што з нябёс абнізіўся на долы,
Навальніца ўчуе цішыню,
Сам сябе суцішыць сум вясёлы.
Здольны той жыццём рызыкаваць,
Хто прыйшоў на свет, каб закахацца.
Я прашуся ў парабкі да Вас,
Гаспадыня зорнага палаца.
Мой народ-паэт пра гаспадаранне выказваўся і ў шматлікіх прыказках і прымаўках: гаспадарка свет корміць; гаспадарку вадзіць – не разінуўшы рот хадзіць; пільнуй гаспадаркі – будуць у гаршку скваркі; праца ў добрага гаспадара заўсёды знойдзец-ца; гаспадарлівы ні сцюжы, ні спёкі не баіцца; у добрай гаспадыні ёсць сала і масла ў скрыні; добрая гаспадыня шануе краскі, ды не на ніўцы; хата гаспадыняю красна; хата без гаспадыні плача; гумно плача без гаспадара, а хата без гаспадыні.
І калі гаспадар звычайна здабываў хлеб (нават адну з марак мукі у ХХІ стагоддзі пачэсна назвалі “Гаспадаром”!), то гаспадыня ўвішна гаспадарыла ля стала, каб не адзін хлеб быў на гэтым стале. А некаторыя кабеты наогул станавіліся хатнімі гаспадынямі. Некаторыя ж жанчыны імкнуцца ўсю гаспадарку ўзваліць на сябе, стаць гаспадаром у спадніцы. Гэта, думаю, не зусім правільна.
Што ж найперш неабходна звычайнаму жыхару Беларусi? Адкажу ўпэўнена: быць гаспадаром цi гаспадыняй свайго лёсу — у сваёй хаце, у сваёй сям`i. А хто ў вашым доме гаспадар?
Гаспадары ды гаспадыні, беларусы ды беларусачкі Бацькаўшчыны! Будзьце прыгожымі і працалюбівымі, разумнымі і ашчаднымі. Гадуйце сваіх дзетак на радасць сабе і будучаму роднай старонкі!

Канстанцін КАРНЯЛЮК,
педагог, краязнаўца.

Добавить комментарий