“Непатрэбная” (апавяданне Галіны Пярун)

1301589970_142605_nevseoboi.com.uaГаліна Іванаўна размяняла ўжо восьмы дзесятак, але нягледзячы на свой узрост, яшчэ старалася трымацца: прыгатаваць ежу, схадзіць у краму, прыбрацца ў кватэры, нават памыць бялізну. Хоць і ёсць пральная машына, але ж па старой звычцы рукамі неяк спрытней, ды й колькі тых рэчаў, каб карыстацца дарагім аўтаматам.

Ужо пяты год пайшоў, як хвароба забрала гаспадара. Дрэнна і самотна Галіне Іванаўне ў іх двухпакаёвай кватэрцы, нават пагаварыць няма з кім.Усё адна ды адна. Часам сэрца прыхопіць і паклікаць няма каго, каб хоць таблетку нітрагліцэрыну хто падаў, пакуль хуткая прыедзе.

Але ж, кажуць, ёсць Бог на свеце! Неяк у адну з раніц зазваніў тэлефон і дачка Ірына паведаміла вельмі радасную навіну. Дваццацігадовы ўнук Віктар разам са сваёй жонкай і маленькім сынам прыязджаюць на днях. Жанчына не магла паверыць, што ў хуткім часе яе кватэра зноў напоўніцца галасамі і дзіцячым смехам. Гадоў дзесяць ужо, як дачка пераехала ў Магадан да другога мужа. Так з таго часу больш і не бачыла Галіна Іванаўна свайго маленькага Віцю. Вядома, цяпер ён стаў зусім дарослым. Ці пазнае хоць сваю бабулю?

Апошнія дні Галіна Іванаўна правяла ў прыемных клопатах: навяла чысціню ў кватэры, павесіла новыя фіранкі і прыкупіла ўсім невялічкія падарункі. Паціху схадзіла на кірмаш і набыла спелай садавіны, бо якія ж там вітаміны ў Магадане — амаль поўнач, толькі холад і снег.

У хуткім часе кватэра кабеты і сапраўды ажыла: стукалі дзверы, званілі дзівоснай музыкай мабільныя тэлефоны, рыпелі масніцы пад нагамі жвавага праўнучка Пеці, бесперапынна працавала пральня. А старая радавалася, што цяпер і паміраць не страшна, бо яна не адна ў гэтых сценах, побач самыя дарагія і блізкія, і яна ім патрэбна. Нават адкрылася другое дыханне. Ноччу як заплача малое, бабуля тут як тут, падхопліваецца першая і бярэ дзіця на рукі. Прыхінае беражліва да сябе і калыша, з вуснаў злятаюць даўно забытыя матывы, якія калісьці напявала яшчэ дачцы. А маладыя няхай крыху адпачнуць, хопіць яшчэ і на іх долю клопатаў. Глядзіць старая ў блакітныя вочкі праўнука, гладзіць шурпатай далонню па льняных валасах і здаецца ёй, што гэта Віця, унук. Быццам, учора, такі малы быў — хутка і зусім непрыкметна час праляцеў.

Але гады бяруць сваё, падрастае праўнучак і ўсё цяжэй з ім справіцца. Не так лёгка паспець за дзіцём пад час гульні на вуліцы. Уцякае малое, смеючыся, каб бабуля дагнала, а ў старой аж сэрца з грудзей выскоквае, дыхання не хапае. Галіна Іванаўна толькі усміхаецца і нават не думае скардзіцца, бо праўнучак — гэта і ёсць сэнс яе жыцця. Нагуляўшыся, малы прыхінаецца бялявай галоўкай да маршчыністага твару бабулі і абяссілены засынае. Жанчына толькі радуецца кожнаму такому моманту, нават баіцца паварушыцца, каб не парушыць сон хлопчыка.

Непрыкметна праляцеў год і ў сям’і ўнука з’явілася яшчэ адно дзіця. Крыху стала цесна маладым у адным пакоі, і Галіна Іванаўна саступіла сваю адпачывальніцу, перайшла ў калідор на канапу. Цяпер Пеця можа спакойна свавольнічаць у сваім пакоі і не будзе перашкаджаць шумнымі гульнямі маці з немаўляткам. Але сама жанчына ўсё часцей стала пападаць пад руку маладым: то на кухні рана звініць посудам, то забудзецца на ўключаны імбрычак. А на днях Віктар зрабіў заўвагу, каб ногі вышэй падьімала, ды не шорхала па падлозе. Маўчыць Галіна Іванаўна, а сама стала прыкмячаць, што дзяўчына крывіцца кожны раз, як старая бярэ на рукі малое. Разглядае Галіна Іванаўна свае шурпатыя, агрубелыя ад цяжкай працы далоні, і ўздыхае — некалі гэтыя рукі былі самыя пяшчотныя і ласкавыя, а цяпер нязграбныя і бяссільныя, маладыя нават гідзяцца дакрануцца. Вось яна старасць — нямоглая і адзінокая. Тут нічога не зробіш, адна радасць застаецца — маленькія праўнукі. Толькі клопаты аб іх і даюць моцы на жыццё.

I вось неяк вярнулася з крамы Галіны Іванаўна, а яе ўжо нецярпліва чакаюць. Запрасілі прысесці на табурэт. Бачыць, жанчына, гутарка сур’ёзная наспявае. Хвалююцца маладыя, вочы папусцілі, не ведаюць з чаго пачаць. Мерае крокамі пакой Віктар, далоні пацірае, аж змакрэў бедны. Потым набраў паветра і выдаў навіну: збірацца трэба бабулі ў хату састарэлых, бо ўжо даўно яе там чакаюць. У прытулку для старых будзе лепей хворай і зусім нямоглай кабеце.

Дрыготкімі рукамі набірае Галіна Іванаўна доўгія лічбы на дыскавым тэлефоне. Прыслухоўваецца да гудкоў. Адна надзея — атрымаць падтрымку ў дачкі, можа тая дапаможа. На тым канцы знялі, моўчкі выслухалі, а потым праз тысячу кіламетраў даляцелі да слыху жанчыны словы, ад якіх апусціліся рукі і стала цяжка дыхаць.

“Матуля, мілая, навошта скардзіцца, яны ж маладыя, ім жыць трэба, а ты хворая, калі ж ім цябе прыглядаць? Праца, дзеці… Ты ж сама зразумей!” — гаварыў голас.

Галіна Іванаўна паклала трубку. Слёзы бязгучна каціліся па маршчыністым твары, засцілалі вочы. Маленькі Пеця стаяў побач і ласкава гладзіў па плячы бабулю. “Не плач, я вельмі цябе люблю, а калі вырасту, ты абавязкова будзеш жыць са мной”.

Галіна Іванаўна глядзела ў светлыя вочы хлопчыка і ўспамінала, як некалі яго бацька казаў такія ж словы…

Галіна ПЯРУН.

Добавить комментарий