Вайна ў сэрцы назаўсёды!

Набліжаецца вялікае свята. Прайшло доўгіх 70 гадоў з таго моманту, як наш народ перамог фашысцкую Германію. З кожным годам застаецца ўсё менш людзей, якія бачылі вайну сваімі вачамі, адчулі на сабе пах пораху, кроў і страх, і не гледзячы ні на што выжылі ў Вялікай Айчыннай Вайне. Гэты страшны час пакінуў глыбокія раны ў душах і сэр-цах, назаўжды ўрэзаўся ў памяць. Ён не абыйшоў бокам ніводнай хаты. Не стала выключэннем і сям’я Любові Пятроўны Спірыдонавай.

Спиридоновы 001_Бацька Любові родам з Югаславіі. У гады грамадзянскай вайны патрапіў у Расію. У Саратаве пазнаёміўся са сваёй жонкай. У 20-я гады, калі ў Паволжы пачаўся голад, ім падказалі пераехаць у Беларусь. Для гэтага патрэбны былі грошы, але грошай у сям’і не было. З каштоўнасцяў меліся толькі наручныя гадзіннікі, дзякуючы якім яны і патрапілі ў Магілёў. На сенечным кірмашы бацька Любові Пятроўны пазнаёміўся з гандляром сена Стэфанам з вёскі Бярозаўка Магілёўскага раёна . Стэфан дапамог маладой сям’і пераехаць у гэтую вёску, дзе бацька займаўся сталярнай справай. Калі пачалася калектывізацыя попыт на мэблю ўпаў, і главе сям’і, як камуністу, прапанавалі пасаду загадчыка свінафермай у вёсцы Коркаць Магілёўскага раёна.

У 1935 годзе Любоў з бацькамі вярнуліся ў Магілёў. Тут і застала іх вайна. Сямнаццацігадовай дзяўчынай Любоў Пятроўна, пад страхам сілком апынуцца ў Германіі, куды зганялі ўсю моладзь, вырашыла пайсцi ў родную калісьці вёску Коркаць. Там знайшла прытулак у жанчыны, якой дапамагала гадаваць яе трох дзяцей.

Знаходзячыся ў вёсцы, ёй прыходзілася сустракацца з партызанамі.

Любоў, як гарадскую жыхарку, часта адпраўлялі на заданні ў Магілёў. У 1942 годзе Любоў Пятроўна была залічана ў 113 партызанскі атрад пад кіраўніцтвам Кастуся Міхайлавіча Белаусава.

Вайна – страшны час, але яна не стала перашкодай для кахання. Са сваім будучым мужам Уладзімірам Сяргеевічам Спірыдонавым Любоў Пятроўна пазнаёмілася ў в.Коркаць. На той момант ён быў камандзірам аддзялення партызанскай брыгады. Яго гісторыя не меней цікавая.

У даваенны час Уладзімір Сяргеевіч жыў і працаваў на авіяцыйным заводзе ў Маскве. Калі пачалася вайна, яму далі бронь, але ён, як шматлікія маладыя хлопцы, жадаў пайсцi на фронт. І ён гэта зрабіў. Уладзімір Сяргеевіч быў дэсантаваны у Бялыніцкі раён для арганізацыі партызанскай дзейнасці. Лёс звёў яго з Белаусавым. Так ён і апынуўся ў партызанскім атрадзе нумар 113, дзе прайшоў шлях ад камандзіра аддзялення да камісара. Брыгада знаходзілася на тэрыторыі Сіпайлаўскага лесу, налічвала каля трохсот чалавек. Падчас партызанскай службы Любоў Пятроўна працавала ў шпіталі.

Пасля вайны Любоў і Уладзімір сталі жыць ў Магілёве. У іх была дружная сям’я, трое дзяцей.

Пагутарыўшы з такімі людзьмі, як Любоў Пятроўна, разумееш, што зараз мы жывем у свеце, дзе ёсць усё, каб быць шчаслівымі. Наша пакаленне не чуе разрываў бомб, не галадае, не баіцца заўтрашняга дня, дзякуючы тым людзям, якія з годнасцю вытрымалі страшныя выпрабаванні вайны. Ужо 70 гадоў над нашай галавой мірнае неба. Хіба гэта не повад , для таго, каб жыць і радавацца жыцці. У асобе Любові Пятроўны Спірыдонавай, выказваю падзяку ўсім ветэранам і жадаю ім міру, шчасця і , самае галоўнае, здароўя і доўгіх гадоў жыцця!

Кацярына ПАГІРСКАЯ,
вучаніца 10 «А» класа,
ДУА «Магілёўская
гарадская гімназія №1».

Добавить комментарий