Дакрануцца сэрцам да вытокаў

_MG_9111_1У жыцці заўсёды ёсць месца для творчасці, цікавых сустрэч і шчырай радасці – гэтая думка чырвонай ніткай праходзіла праз чарговае пасяджэнне літаратурна-музычнай гасцёўні “Узлёт”, якая не першы год дзейнічае пры рэдакцыі газеты і стала сапраўднай духоўнай пляцоўкай для творчых людзей раёна і горада. Па-сяброўску цёплая атмасфера і творчасць без межаў – дзве адметныя рысы мерапрыемстваў, якія ладзіць “Прыдняпроўская ніва”, своеасаблівая візітная картка гасцёўні. _MG_9133 Традыцыйна вечарыну распачала галоўны рэдактар газеты Святлана Дзядушка, якая на сінтэзатары выканала аўтарскую музыку “Да Радзімы”. Гэтая прыгожая мелодыя была напісана спецыяльна да адкрыцця гасцёўні і цяпер ужо ўспрымаецца як гімн. Вітаючы гасцей, вядучая нагадала, што сустрэчы ладзяцца для таго, каб творчыя людзі мелі магчымасць адкрыць свой талент, і нібы тая муза з эмблемы гасцёўні, узняцца ў вышыню да мастацтва, а таму кожны атрымае тут слова і абавязкова знойдзе разуменне і цікавасць._MG_9116Адной з мэт гасцёўні з’яўляецца папулярызацыя роднай мовы і культуры, з чаго звычайна і пачынаецца першы блок. Для ўдзельнікаў мерапрыемства ў гэты раз быў арганізаваны майстар-клас Марыны Ляшчовай па творчаму майстэрству нашых продкаў – ткацтву. Яна пазнаёміла з экспанатамі выставы, сярод якіх былі пралка, старадаўні прас і надзвычайнай прыгажосці даматканыя ручнікі. Расказваючы пра рамяство прабабулі, Марына Ляшчова прадэманстравала ручнік 120-гадовай даўнасці, які выглядаў быццам новы. У яе сям’і ён перадаецца з пакалення ў пакаленне, і, па меркаваннях родных, прыносіць яго ўладальнікам даўгалецце, здароўе і шчасце. Госці дакрануліся да гэтай цудадзейнай вышыванай тканіны, каб падзарадзіцца яе магутнай пазітыўнай энергіяй. Цікавымі былі і прыведзеныя факты. Аказалася, удаўніну, каб лічыцца багатай нявестай, дзяўчына павінна была падрыхтаваць у пасаг сорак ручнікоў – яскравы прыклад вялікай працавітасці для цяперашняга пакалення._MG_9194_Гэты год выдаўся багатым на юбілейныя даты з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры. Шмат шчырых выказванняў на пасяджэнні прагучала ў адрас выбітных майстроў слова: Івана Шамякіна, Івана Мележа, Кандрата Крапівы, Максіма Багдановіча. Успомнілі і пра апошняга народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, чый шматгранны талент яркай зоркай асвяціў небасхіл беларускай культуры. Адзін з яго вершаў, прасякнутых любоўю да Радзімы, прачытала загадчык аддзела сельскай гаспадаркі рэдакцыі Вольга Семчанка. Здавалася, паэтычныя радкі дакрануліся да самага сэрца…_MG_9140_MG_9182Ад паэзіі перайшлі да музыкі, звярнуўшыся да творчасці таленавітага спевака, стваральніка ансамбля “Песняры” Уладзіміра Мулявіна, якому ў студзені споўнілася б 75 год. Сваім адметным мастацтвам і асаблівым стылем ён змог дапоўніць і ўзбагаціць народную песенную творчасць і эстрадную музыку, праславіць Беларусь на ўвесь свет. Яго цудоўную песню “Явар і Каліна” выканалі Святлана Дзядушка разам з культработнікам Святланай Зайцавай. Цікава пачаўся другі блок гасцёўні. Нядаўна газета падвяла вынікі конкурсу “Прыгажуня–Прыдняпровачка”, і сапраўдным сюрпрызам стала выступленне Наталлі Сікорынай – “Міс Натхненне”. Мастацкі кіраўнік Дашкаўскага СДК мае шмат захапленняў, кіруе ансамблем, а сваім голасам вельмі ўразіла, праспяваўшы песню “Цвіце чаромха”. Свет жыцця, вельмі яскравы, эмацыянальны, напоўнены любоўю і дабрынёй, падараваў жыхар вёскі Цішоўка Яўген Дзесятнікаў. З яго паэтычнымі творамі можна было пазнаёміцца на старонках нашай газеты. Паэт прачытаў уласны верш пра майстра надзвычайнай велічыні ў беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, рассказаў аб тым, што значыць для яго любоў да Радзімы._MG_9145_MG_9170_1Тэму кахання і вясны падтрымала вядомы ў паэтычных кругах аўтар – Рымма Сорына, чые вершы адрозніваюцца філасофскай глыбінёй і меткасцю слова. Паэтка падзялілася сваімі назіраннямі за прыродай і шчырымі жаночымі пачуццямі, заставіла задумацца пра сэнс жыцця. Сяргей Рынкевіч – доктар тэхнічных навук, прафесар, загадчык кафедры Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, не толькі добра піша вершы, але і выдатна іграе на гітары. Удзельнікі гасцёўні з задавальненнем павіншавалі яго з уступленнем у Саюз пісьменнікаў Беларусі, разам з тым выкарысталі магчымасць і праспявалі разам не адну песню. Адзінства поглядаў і інтарэсаў, узаемапавага і захапленне творчасцю зліліся ў многагалосае выкананне любімых хітоў розных гадоў. Вечарына мастацтва і радасці працягвалася яшчэ доўга. У пачатку толькі знаёмыя, а напрыканцы – добрыя сябры – не хацелі развітвацца, расказваючы адно аднаму пра выпадкі з жыцця і творчыя пошукі… А на лістках пажаданняў гасцёўні з’явіўся надпіс, які перадаў думкі і пачуцці кожнага: “Жадаю, каб калі-небудзь усё гэта паўтарылася зноў”…

Юлія ІВАНЧЫКАВА.

Фота Юліі МАРКОВІЧ.

One thought on “Дакрануцца сэрцам да вытокаў

Добавить комментарий