З Божым благаславеннем і творчым натхненнем

Нашы продкі заўсёды шанавалі зямлю-карміцельку і пачыналі цыкл сельскагаспадарчых работ з асаблівай урачыстасцю. Як і ў даўніну, у наш час існуе прыгожы звычай адзначаць пачатак сяўбы Святам першай баразны, аддаючы даніну павагі да працы хлебаробаў і звяртаючыся да вышэйшых сіл з просьбай паспрыяць добраму ўраджаю. Менавіта такое яскравае, шчырае і прасякнутае радасным настроем мерапрыемства прайшло 9 красавіка ў СВК “Палыкавічы”. Як паведаміла галоўны арганізатар свята, намеснік старшыні сельгаскааператыва па ідэалагічнай рабоце Жанна Церашкова, гэтае свята ўжо стала добрай традыцыяй у гаспадарцы._MG_8687-У актавай зале Дома механізатара з самага ранку сабраліся як непасрэдныя ўдзельнікі палявых работ – вадзіцелі і механізатары, так і прадстаўнікі адміністрацыі сельгаспрадпрыемства, работнікі структурных падраздзяленняў гаспадаркі. Павіншавалі прысутных з пачаткам сяўбы старшыня Палыкавіцкага сельвыканкама Аляксандр Маргуноў і старшыня СВК “Палыкавічы” Сцяпан Палоннікаў. Самадзейныя артысты Палыкавіцкага СДК парадавалі хлебаробаў канцэртнай праграмай._MG_8717_Здаўна людзі перад пачаткам важных справаў звярталіся па дапамогу да Бога. Каб праца сейбітаў была плённай і сілы прыроды спрыялі ёй, благаславенне прысутным адрасаваў настаяцель Свята-Троіцкага храма аграгарадка Палыкавічы айцец Аляксандр. Святар павіншаваў працаўнікоў з пачаткам веснавой сяўбы, прачытаў малітву і асвяціў зярняты, якія лягуць у раллю, а таксама сельскагаспадарчую тэхніку, што будзе задзейнічана ў пасяўной кампаніі._MG_8736_1_MG_8738_Як зазначыў Сцяпан Палоннікаў, нягледзячы на шматлікія складанасці, да пасяўной кампаніі работнікі сельгаспрадпрыемства падышлі ва ўсеўзбраенні. Своечасова праведзеная праца агратэхнічнай службы забяспечыла стопрацэнтную наяўнасць кандыцыйнага насення, маецца і неабходны рэзерв пасяўнога матэрыялу. Пытанні аб набыцці мінеральных угнаенняў і паліва для тэхнікі вырашаюцца аператыўна. Сцяпан Іванавіч заклікаў удзельнікаў пасяўной працаваць старанна і адказна, з добрым настроем, каб вяртацца з поля дадому з пачуццём выкананага абавязку. Кіраўнік сельгаскааператыва прыняў з рук вядучых румяны каравай – сімвал надзеі на багаты ўраджай у 2016 годзе._MG_8744_Аляксандр Маргуноў сардэчна павіншаваў вяскоўцаў з урачыстым пачаткам веснавых палявых работ. Ён пазычыў працаўнікам гаспадаркі спрыяльнага надвор’я, каб правесці сяўбу ў належныя агратэхнічныя тэрміны.

З віншавальнымі словамі да ўдзельнікаў свята звярнуўся механізатар Рыгор Нораў. “Галоўнае, каб “жалезныя коні” не падводзілі нас у гэты адказны перыяд”, – пажадаў ён калегам. Эстафету пераняў галоўны інжынер СВК Сяргей Рымша, пазычыўшы хлебаробам цярплівасці і здароўя. Намеснік старшыні гаспадаркі па раслінаводству Генадзь Давыдаў падзякаваў работнікам за тое, што яны з максімальнай адказнасцю падышлі да падрыхтоўкі машынна-трактарнага парка, забяспечыўшы своечасовы рамонт сельгастэхнікі. Прадстаўнік адміністрацыі выказаў упэўненасць у тым, што пасяўная кампанія пройдзе ў тым жа зладжаным і бадзёрым рытме, што і ў папярэднія гады._MG_8761_Калі за справу ўзяцца ў радасным настроі, то яна абавязкова дасць плён. І каб стварыць такі настрой, цудоўнымі канцэртнымі нумарамі гледачоў парадавалі народны ансамбль народнай песні “Прыдняпроўе” і дзіцячы танцавальны калектыў “Прыдняпровачка” Палыкавіцкага сельскага Дома культуры, а таксама саліст раённага Цэнтра культуры Андрэй Лобік. Працаўнікі шчыра апладзіравалі народным і аўтарскім песням у выкананні самадзейных артыстаў. “Разынкай” праграмы была аўтэнтычная народная песня-вяснянка, якую ўдзельніцы народнага ансамбля праспявалі ў традыцыйнай манеры. Асабліва расчуліла гледачоў выступленне вучаніцы Камінтэрнаўскай сярэдняй школы, удзельніцы гуртка “Мастацкае слова” Дар’і Вінаградавай, якая прадэкламавала верш Канстанцыі Буйло “Люблю”. Завяршылася свята тым, што юныя артысты падарылі прадстаўнікам гаспадаркі малюнкі – на іх удзельнікі клуба аматараў прыроды і малявання “Яблычак” Палыкавіцкага СДК адлюстравалі прыгажосць роднага краю.

З усмешкамі на тварах і агеньчыкам у вачах выходзілі рупліўцы нівы з залы, каб распачаць сяўбу. Верыцца, што дзякуючы іх працавітасці, душэўнаму ўздыму і энтузіязму, праз некалькі месяцаў палеткі густа зарунеюць і шчодрым будзе ўраджай…

Вольга СЕМЧАНКА.

Фота Юліі МАРКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.