Магілёўскаму драматычнаму тэатру – 128 год!

театр_Яскрава і незвычайна адсвяткаваў свой дзень нараджэння Магілёўскі абласны драматычны тэатр. Узрост абавязваў: 128 год – не жарты! Між тым, наш тэатр драмы, пабудаваны ў далёкім 1888-м годзе, можа па праву лічыцца самым старым у Беларусі такім будынкам, прызначаным менавіта для акцёрскай трупы. Адметна, што грошы на яго ўзвядзенне збіраліся талакою – прадстаўнікі ўсіх саслоўяў добраахвотна ахвяравалі свае зберажэнні – хто сціплыя капейчыны, а хто і сотні рублёў. Такім чынам, наш тэатр з’яўляецца ў нейкім сэнсе народным – ім ганарыцца і сённяшняе пакаленне жыхароў Магілёўшчыны.IMG_5218_Чым жа парадаваў гледачоў драматычны тэатр з нагоды свята? 15 мая і 18 мая на яго сцэне ладзілася незвычайная імпрэза – спектакль-канцэрт пад назвай “З днём нараджэння, тэатр!”. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам стаў лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Рэспублікі Беларусь Саулюс Варнас. Галоўны рэжысёр тэатра прадставіў на сцэне таямнічае, амаль містычнае відовішча. Па ўсім відаць, ён натхняўся тэатральнай легендай аб тым, што ў гэтых старадаўніх мурах, якія памятаюць росквіт і падзенне манархіі ў Расіі, рэвалюцыю, грамадзянскую і Вялікую Айчынную войны, жывуць душы артыстаў – анёлы-ахоўнікі гэтага месца. Невыпадкова галоўнымі героямі спектакля-канцэрта сталі… прывіды. Іх ролі сыгралі акцёры Дзмітрый Дудкевіч, Іван Трус, Аляксандр Палішчук і Аляксей Цыбін.IMG_5223_Госці з мінулага назіралі і ацэньвалі выступленні сучасных зорак драматычнага тэатра і маладых акцёраў. А захапляцца было чым. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Галец некалькі разоў зрываў апладысменты, па-майстэрску выканаўшы рамансы

Аляксандра Вярцінскага. Не меншае захапленне публікі выклікалі песні на французскай мове – іх падарылі гледачам чароўныя Галіна Лабанок і Анжаліка Барчан. Аматарам вытанчанай паэзіі прышліся да спадобы філасофскія вершы ў выкананні Людмілы Гурынай, а таксама творы Б.Пастарнака і У.Маякоўскага – іх вельмі эмацыйна і прачула дэкламавалі Народны артыст Беларусі Рыгор Белацаркоўскі, яго калега Уладзімір Пятровіч, а таксама маладыя акцёры Азіз Азімаў і Сяргей Васіленка. З праніклiвага маналога (“Аповесць пра Сонечку” Марыны Цвятаевай) Юліі Ладзік гледачы даведаліся пра магічную сілу кахання, а з мініацюры Леаніда Енгібарава “Парасон” у выкананні Насты Іваненка – пра горыч раставання. Тэатральная моладзь падрыхтавала і іншыя яскравыя нумары, у тым ліку пластычныя. Апроч таго, напрацягу дзеі на сцэне граў ансамбль класічнай і сучаснай музыкі “Экспромт-класіка”, што дзейнічае пры тэатры.IMG_5240_У фінале галоўны рэжысёр драматычнага тэатра Саулюс Варнас звярнуўся да публікі і трупы, павіншаваўшы са святам і нагадаўшы пра высакародную місію мастацтва. Літовец, які ўжо некалькі год працуе ў горадзе на Дняпры, зазначыў, што менавіта тэатр выхоўвае ў грамадстве высокія маральныя і эстэтычныя ідэалы, пабуджае людзей ісці шляхам духоўнага развіцця.IMG_5276_Дзень нараджэння тэатра прайшоў у цёплай і ўтульнай атмасферы – у коле сяброў і аднадумцаў. Аматары мастацтва – правераных часам літаратурных і музычных твораў – атрымалі сапраўдную асалоду падчас спектакля-канцэрта. Мяркуецца, што ён увойдзе ў рэпертуар тэатра, на радасць гледачам, і ўжо пад іншай назвай.

Апроч таго, калектыў тэатра падрыхтаваў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз для гледачоў – выставу архіўных фатаграфій у арт-фае. На старых чорна-белых здымках – сцэны са спектакляў мінулых год, пачынаючы з 50-х, славутыя акцёры, якія некалі выступалі на гэтай сцэне. Зоркі сышлі, але не згаслі – яны і сёння асвятляюць шлях нам, нашчадкам…

Вольга СЕМЧАНКА,
літаратурны рэдактар абласнога
драматычнага тэатра.

Добавить комментарий