Шануйце роднае слова!

шануйце роднае слова«Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…» I неад’емная яе частка – родная мова. Яна не проста сродак зносін, у мове адлюстроўваецца ўвесь духоўны вопыт многіх пакаленняў, светапогляд народа.
Беларуская мова – мова Францыска Скарыны, Міколы Гусоўскага, златавуста Кірылы Тураўскага, а таксама Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча… Гэтыя людзі стваралі на роднай мове літаратурныя шэдэўры і пакінулі іх для нас, сваіх нашчадкаў.
Мы, бібліятэкары, павінны навучыць людзей шанаваць беларускую мову, зрабіць усё для таго, каб было запатрабавана роднае слова, у людзей з’явілася жаданне выкарыстоўваць яго ў гутарцы, чытаць беларускамоўныя перыядычныя выданні, класічную айчынную літаратуру і кнігі сучасных беларускіх аўтараў. Кожны па крупінцы павінен нешта зрабіць для сваёй мовы…
I вось у Княжыцкай бібліятэцы для дзяцей было праведзена мерапрыемства «Шануйце роднае слова!», на працягу якога юныя чытачы ўзгадалі беларускіх пісьменнікаў, даведаліся шмат цікавых звестак не толькі пра роднае слова, але і пра саму Беларусь, удзельнічалі ў літаратурнай віктарыне.
Для папулярызацыі беларускіх кніг у бібліятэцы арганізоўваюцца таксама выставы: «Мілагучнае, звонкае, роднае слова», «Крыніцы беларускай паэзіі», «Лепшыя беларускія творы» і інш. Кожны месяц праводзяцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да дзён нараджэння беларускіх пьсьменнікаў.
Вяртанне цікавасці грамадства да кнігі, да чытання — тэма, актуальная ва ўсім свеце. Калі ж гаварыць пра захаванне цікавасці да беларускай кнігі, то тут роля і адказнасць кожнага з нас павялічваецца стакроць. Бо гэта яшчэ і тэма захавання роднай мовы (у 2009 г. ЮНЕСКА абвясціла беларускую мову сярод знікаючых). Гэта мы, сучаснікі, адказныя сёння за тое, каб зберагчы і перадаць роднае слова нашым дзецям. Таму Княжыцкая сельская бібліятэка, як і бібліятэкі раёна, прапануе чытачам прыняць удзел у акцыі «Чытаем па-беларуску».
Шануйце роднае слова, бо яно з’яўляецца неат’емнай часткай нашага жыцця. Калі жыве родная мова — жыве Беларусь!

В.І. Бараноўская,
бібліятэкар
Княжыцкай сельскай бібліятэкі
Магілёўскай РЦБС.

Добавить комментарий