Выстава фотакарэспандэнта БелТА арганізавана ў Магілёве
Па-асабліваму святочная атмасфера панавала ў чацвер у зале кінатэатра “Чырворная зорка”, дзе была арганізавана выстава здымкаў фотакарэспандэнта БелТА Алега Файніцкага “Магілёўшчына — 10 гадоў здзяйсненняў”.
Ва ўрачыстым мерапрыемстве прыняў удзел генеральны дырэктар БелТА Дзмітрый Жук, падкрэсліўшы важнасць моманту з нагоды таго, што персанальная выстава прымеркавана да 90-годдзя агенства, у якім 10 гадоў ужо працуе Алег Файніцкі.
— Работа фотакарэспандэнтаў для нас вельмі каштоўная, бо ў адрозненні ад тэксту, здымкі перадаюць эмоцыі, прыцягваючы ўвагу, тым больш, што кожны журналіст — гэта творчая асоба”, — сказаў Дзмітрый Жук.
Высокі прафесіяналізм аўтара адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка. У той жа час падзякаваў кіраўніка БелТА за падтрымку ў добрых справах.
— Гэта вельмі патрэбнае мастацтва, бо кожны фотаздымак вопытнага майстра адлюстроўвае глыбіню працэсаў, якія адбываюцца ў нашай дзяржаве. Відавочна і выхаваўчая роля, таму што нельга застацца раўнадушным, гледзячы на само жыццё, — сказаў Валерый Малашка.
Цёплыя словы віншавання адрасавала Алегу Файніцкаму вопытнейшы прафесіянал фотакарэспандэнт Ірына Савосіна, пажадаўшы натхнення і творчага палёту.
Выставу наведала шмат людзей, у тым ліку маладых рэпарцёраў, для якіх гэта мерапрыемства стала своеасаблівым майстар-класам.
Мы таксама віншуем былога фотакарэспандэнта нашай газеты, цяпер вопытнага прафесіянала БелТа Алега Файніцкага з такой важнай падзеяй у яго жыцці. Жадаем новых вяршынь і цёплага сямейнага ачага.
Святлана ДЗЯДУШКА
Фота Наталлі ГРУЗД