Шчырая песня салдата

30001Пад такой назвай у абласной бібліятэцы прайшоў літаратурны вечар, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння паэта-франтавіка Васіля Карпечанкі, які арганізавалі супрацоўнікі аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры.
На мерапрыемства былі запрошаны мясцовыя пісьменнікі, родныя і блізкія паэта, навучэнцы і выкладчыкі школ.
Аб жыццёвым і творчым шляху Васіля Карпечанкі расказалі вядучыя. Адначасова на экране быў прадэманстраваны відэазапіс, зроблены яшчэ пры жыцці паэта. Як было адзначана, пачаткам творчай дзейнасці Васіля Карпечанкі з’яўляецца 1956 год, калі ў часопісе “Бярозка” былі апублікаваны яго вершы. А ў 1961 годзе выйшаў яго першы зборнік “Сонейка ўзыйшло”. У той час паэт працаваў у Рэчкаўскай сярэдняй школе, дзе зараз у яго гонар устаноўлена мемарыяльная дошка. Пазней у розныя перыяды адна за другой выходзілі яго кнігі як для дарослых, так і для дзяцей.
Асобае месца ў творчасці паэта займае ваенная тэматыка. Сам Васіль Васільевіч быў удзельнікам вайны, падчас аднаго з баёў атрымаў раненне.
3000У свой час Васіль Карпечанка працаваў у раённай газеце, якая называлася тады “За камуністычную працу”. Супрацоўнікі газеты падтрымлівалі з ім цесную сувязь, наведвалі ў Доме ветэранаў, дзе ў апошнія гады жыў паэт.
Аб сваім знаёмстве з пiсьменнiкам расказаў старшыня ГА “Магілёўскае аддзяленне Беларускага саюза пісьменнікаў” Уладзімір Дуктаў. Дарэчы, Васіль Карпечанка заўсёды прымаў актыўны ўдзел у пасяджэнні літаратурнага аб’яднання “Узлёт”, ахвотна дапамагаў маладым пачынаючым аўтарам. Яго творчасці была прысвечана адна з літаратурна-музычных гасцёўняў, якую вядзе галоўны рэдактар “Прыдняпроўскай нівы” Святлана Дзядушка. Вершы Васіля Карпечанкі напісаны з душою, яны вельмі меладычныя.
У кнізе “Толькі з табою” сабраны песні, напісаныя кампазітарамі на словы паэта. Некалькі з іх праспявалі Ала і Мікалай Яцковы, што прысутнічалі на вечарыне.
Акрамя таго, Васіль Карпечанка вядомы як сатырык, перакладчык вершаў класікаў з рускай мовы. Такія творы прагучалі падчас паказу відэафільма з удзелам самога аўтара, так і з вуснаў вядучых.
30 жніўня 2005 года паэта не стала. Але памяць аб ім жыве ў сэрцах родных, знаёмых, усіх, хто ведаў гэтага чалавека.
На вечарыне прысутнічалі дачка Вольга, якая жыве ў Магілёве, і сын Міхаіл, што прыехаў з Віцебска. З задавальненнем слухалі ўсе прысутныя аб тым, што Міхаіл працуе настаўнікам у адной з Віцебскіх школ, а размаўляе на роднай беларус-кай мове. Міхаіл Карпечанка прачытаў некалькі ўласных вершаў. У свой час ён закончыў Магілёўскі педінстытут імя А.А.Куляшова, друкаваўся ў інстытуцкай газеце. А пасля заканчэння “сее разумнае, добрае, вечнае” на Віцебшчыне. Яго дачка (унучка Васіля Карпечанкі) таксама творчая асоба. І хоць пасля заканчэння педагагічнага ўніверсітэта не працуе на абранай спецыяльнасці, вершы піша таксама.
Арганізатары свята ўручылі сям’і Карпечанкi цудоўны букет кветак з пажаданнямі здароўя, поспехаў у творчасці і жыцці.
Адкрываючы кнігі Васіля Карпечанкі, заўсёды ўспамінаем аб гэтым цудоўным чалавеку, якога Бог надзяліў асаблівым талентам. І талент гэты ён данёс да людзей.

Алег Дзятлаў.

Добавить комментарий